«РУ́СКАЯ ГІСТАРЫ́ЧНАЯ БІБЛІЯТЭ́КА»
(«Русская историческая библиотека»),
зборнікі дакументаў і літ. помнікаў 14—17 ст., выдадзеных Археаграфічнай камісіяй у 1872—1927. У 39 тамах апублікаваны акты, што адносяцца да ўнутр. і знешняй палітыкі Расіі, «Запісныя кнігі Маскоўскага стала» (т. 9, 10, 11), «Данскія справы» (т. 18, 24, 26, 29), «Справы тайнага прыказа» (т. 21, 22, 23, 38), «Прыходна-расходныя кнігі Маскоўскіх прыказаў» (т. 28), дакументы з царк. і манастырскіх архіваў (т. 5, 12, 14, 25, 37), ч. «Літоўскай метрыкі» (т. 20, 27, 30, 33), пісцовыя кнігі, фрагменты летапісаў, аповесці і паданні пра «смутны час» (т. 13), творы А.М.Курбскага (т. 31), Авакума (т. 39), узноўлены унікальныя старадрукаваныя выданні і рукапісы (т. 4, 7, 19). Над «Р.г.б.» працавалі рас. гісторыкі і археографы: Я.Л.Барскоў, А.П.Барсукоў, С.А.Белакураў, І.А.Бычкоў, С.Б.Весялоўскі, П.А.Гільтэбрант, Б.Дз.Грэкаў, М.І.Кастамараў, М.В.Каяловіч, А.С.Лапа-Данілеўскі, А.С.Паўлаў, С.Ф.Платонаў, Ф.І.Успенскі і інш. «Р.г.б.» — адна з найб. буйных серый дакумент. публікацый у рас. археаграфіі.
т. 13, с. 463
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)